Методическая работа
Усе мы марым, каб у каледжы навучэнцам было цікава вучыцца, педагогам хацелася творча і з натхненнем выкладаць, а адміністрацыі – мудра кіраваць адукацыйным працэсам.Да дасягнення мары вядуць розныя шляхі. Іх мноства – але галоўнае знайсці агульную справу. Такой агульнай справай для калектыву нашага каледжа стала правядзенне фальклорнага фестывалю “Ад вытокаў да сучаснасці”.
Трэба сказаць, што гэта мерапрыемства стала лагічным працягам справы, пачатай у мінулым навучальным годзе. Тады, 21 лютага, да Міжнароднага дня роднай мовы навучэнцамі разам з выкладчыкам факультатыўнага курса “Беларуская мова (прафесійная лексіка)” Марцынкевіч Верай Іванаўнай была падрыхтавана літаратурна-музычная гасцёўня “Роднага слова гукі чароўныя”.
У бягучым навучальным годзе быў абраны іншы фармат – фестываль, тэмай-дэвізам якога сталі словы “Любі, даследуй, вывучай сваю зямлю, свой родны край”.
Навучэнцы 17 вучэбных груп аб’ядналіся ў 8 каманд-удзельніц. Яны пад кіраўніцтвам куратараў зрабілі падарожжа па народных святах і абрадах, якія адзначаюць беларусы на працягу каляндарнага года. Юнакі і дзяўчаты паспрабавалі аднавіць абрады, выканаць тыя магічныя дзеянні, якія на працягу многіх стагоддзяў выконвалі нашы продкі, прадставілі сваё бачанне пэўных свят. Са сцэны гучала беларуская мова, выконваліся народныя песні і танцы, радавалі вока яркія нацыянальныя касцюмы. А галоўнае – гарэлі ў захапленні вочы саміх удзельнікаў.
На фестываль былі запрошаны паважаныя госці: дацэнты кафедры беларускай і рускай філалогіі, выкладчыкі ўстановы адукацыі “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Івана Пятровіча Шамякіна” Нуждзіна Тамара Сяргееўна і Сузько Алена Уладзіміраўна, а таксама загадчык аддзела рамёстваў дзяржаўнай установы культуры “Мазырскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” Харашкевіч Наталля Адамаўна.
Яны адзначылі, што, нягледзячы на спецыфіку ўстановы адукацыі, навучэнцы медыцынскага каледжа добра валодаюць беларускай мовай, творчая моладзь дэманструе даволі высокі ўзровень тэатральнага выканання і сцэнічнай культуры.
З дапамогай незалежных экспертаў былі вызначаны пераможцы ў адпаведных намінацыях.
У намінацыі “Лепшая тэатральная пастаноўка” ўзнагароду атрымала каманда “Каляды”, якую прадстаўлялі навучэнцы-першакурснікі вучэбных груп М-11, М-12, М-13 іх куратары Вітоўская Галіна Мікалаеўна, Голуб Галіна Уладзіміраўна, Мельнік Тамара Міхайлаўна.
У намінацыі “Лепшае вакальна-харэаграфічнае суправаджэнне” была адзначана каманда “Грамніцы” (вучэбныя групы М-31, М-32) пад кіраўніцтвам куратараў Шуканавай Ларысы Антонаўны і Дзяцел-Каперзавай Юліі Уладзіміраўны.
Прадстаўнікі каманды “Купалле” былі прызнаны лепшымі ў намінацыі “Лепшае сцэнічнае афармленне”, імі сталі навучэнцы груп МДд-21, МДд-31 пад кіраўніцтвам куратараў Бойка Наталлі Ігараўны, Бараўнёвай Алены Аляксееўны.
У індывідуальных намінацыях на “Лепшае выкананне жаночай і мужчынскай роляў” перамогу атрымалі адпаведна Рэпінава Наталля (роля Казы) і Ганчарык Артур (роля Свата), прадстаўнікі каманд “Каляды” і “Вяселле”.
Нікога не абышлі ўвагаю арганізатары фестывалю: дыпламанты атрымалі салодкія прызы, а астатнія ўдзельнікі - запрашальныя білеты на канцэрт.
Хочацца шчыра падзякаваць нашым навучэнцам за сапраўднае свята душы, якое яны падаравалі ўсім прысутным. Без сумненняў, такія яскравыя мерапрыемствы на справе далучаюць моладзь да родных беларускіх вытокаў, не дазваляюць забываць, што “мы – беларусы, мы – народ такі”.
Існуе мудрае выказванне: “Не саромейцеся недасканалай гаворкі. Мова – жывая тканка, якая прарастае там, дзе крынічыць людское жаданне. Магчыма, учора вы яшчэ не размаўлялі па-беларуску, сёння размаўляеце на так званай трасянцы, але заўтра вы загаворыце на чыстай беларускай мове, і людзі будуць вучыцца ад вас”.
Вера Марцынкевіч, метадыст каледжа
Расскажи друзьям:
Методическая страничка
Учебная работа
Кто на сайте
Сейчас на сайте 113 гостей и нет пользователей